«Ноч музеяў» адбылася!

Штогод Музей беларускага кнігадрукавання далучаецца да Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», прапануючы сваім наведвальнікам не проста паглядзець музейныя скарбы ў нязвыклы час, але абавязкова паўдзельнічаць у цікавым мерапрыемстве. На гэты раз супрацоўнікі музея падрыхтавалі тэатралізаваную дзею «Урокі манаха Сімяона» для дзяцей і бацькоў. Малады манах Сімяон (вядомы ўсім як Сімяон Полацкі) правёў для дзяцей некалькі ўрокаў і прыняў іх у лік вучняў Брацкай школы пры полацкім Богаяўленскім праваслаўным манастыры. Усе разам вучылі літары старажытнага алфавіта, чыталі кароткія словы, атрымалі сваё першае пяро і пісалі чарніламі пад дыктоўку, рашалі задачу і вучыліся запісваць лічбы старым спосабам — літарамі алфавіта. Не абышлося, канешне, без розгі! Стварыць атмасферу школы пры манастыры дапамаглі валанцёры — навучэнцы Філіяла БДТУ «Полацкі дзяржаўны лясны каледж», якія ўжо не першы год супрацоўнічаюць з музеем і актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў. Зацікаўленасць наведвальнікаў (як малодшага, так і старэйшага ўзросту), гумар і майстэрства акцёраў зрабілі гэтую дзею павучальнай і ў той жа час забаўляльнай. Па словах удзельнікаў, «Ноч музеяў» адбылася!

79